НАРО́ДНЫЯ САМАДЗЕ́ЙНЫЯ КАЛЕКТЫ́ВЫ,
найвышэйшая форма развіцця аматарскага мастацтва Беларусі. Найменне «народны» надаецца самадз. калектывам, дзейнасць якіх накіравана на развіццё бел. нац. культуры, захаванне яе рэгіянальных асаблівасцей, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв. маст. культуры; рыхтуюць самаст. канцэртныя праграмы, пастаянна ўдзельнічаюць у канцэртнай, выставачнай дзейнасці, маюць высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, актыўна ўдзельнічаюць у культ. жыцці горада, раёна, абл. і рэсп. аглядах, святах, выстаўках, фестывалях і конкурсах. Дзейнічаюць у рамках існуючага ў Рэспубліцы Беларусь заканадаўства, парадак работы вызначаецца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Існуюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. пад кіраўніцтвам кваліфікаваных спецыялістаў. Найменне «народны» надаецца тэатр. калектывам з 1959, муз. і харэаграфічным з 1960, аматарскім кінастудыям з 1975. Калектывам выяўл. і дэкар.-прыкладнога, кіна-, відэа-, фотамастацтва незалежна ад узросту ўдзельнікаў надаецца найменне «народная самадзейная студыя». Інш. калектывам, узрост удзельнікаў якіх да 16 гадоў, прысвойваецца найменне «ўзорны» (з 1978). На Беларусі 947 нар. самадз. калектываў (2000). Гл. таксама Аматарскае кіно, Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Народныя тэатры, Народныя хары, ансамблі, аркестры.
А.А.Скарына.
т. 11, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)